ПРАЛІ́ВЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ,

прыродныя марскія шляхі, якія злучаюць асобныя моры ці акіяны і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Паводле міжнар. звычаяў, практыкі і пагадненняў дзяржаў для такіх праліваў гістарычна ўстаноўлены прынцып свабоды праходу суднаў і пралёту самалётаў усіх краін. Паводле Канвенцыі ААН па марскім праве 1982, у пралівах, дзе існуе міжнар. суднаходства, усе судны і лятальныя апараты карыстаюцца правам свабоднага транзітнага праходу, і ім не павінны чыніцца перашкоды. Існуюць пралівы, якія вядуць у закрытыя моры і па сваім геагр. становішчы не служаць мэтам транзіту. Да іх адносяцца Балтыйскія і Чарнаморскія пралівы. Іх прававы рэжым рэгулюецца спец. міжнар. пагадненнямі і міжнар. звычаямі.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)